КІСЛО́ТНЫЯ ДАЖДЖЫ́, кіслыя дажджы,

атмасферныя ападкі, забруджаныя вокісламі азоту і серы, што трапляюць у паветра з выкідамі прамысл. прадпрыемстваў. Выпадаюць у выглядзе раствораў кіслот, якія ўтвараюцца пры ўзаемадзеянні азотнага і сернага ангідрыдаў з атм. вадой. Адмоўна ўплываюць на стан навакольнага асяроддзя: павялічваюць кіслотнасць глебы, аказваюць біяцыднае ўздзеянне на жывыя арганізмы, пагражаюць здароўю чалавека, шкодзяць прамысл. і арх. пабудовам. Могуць выпадаць на значнай адлегласці ад крыніц забруджвання. Колькасць К. д. і іх адмоўны ўплыў на навакольнае асяроддзе штогод павялічваюцца. Памяншэнне ці спыненне выкідаў у паветра прамысл. прадпрыемствамі шкодных рэчываў, у т. л. вокіслаў азоту і серы, правядзенне інш. мерапрыемстваў па ахове атмасферы дапамагаюць зменшыць кіслотнасць атм. ападкаў, спрыяюць спыненню К. д.

т. 8, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)